РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
т. 13, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)